помнік абарончага дойлідства ў в. Сынковічы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудавана ў канцы 15 — пач. 16 ст. з цэглы. Мае рысы стылю готыкі 3-нефавы 4-стаўповы 3-апсідны храм зальнага тыпу (у плане — перакошаны прамавугольнік), фланкіраваны па вуглах 4 баявымі вежамі (з З гранёныя, з У круглыя) з цаглянымі вітымі ўсходамі ўнутры. Па версе сцен праходзіць пояс машыкуляў. Будынак накрыты высокім 2-схільным дахам з вострымі тарцовымі шчытамі. Шчыт на гал. фасадзе аздоблены некалькімі ярусамі розных па форме плоскіх атынкаваных ніш. Знадворку апсіды ў верхняй ч. аб’яднаны ў адну і накрыты агульным высокім дахам. Пазней прыбудаваны бабінец. У 1880—81 у час рамонту заменены дах і дабудаваны купал над апсідай, разабраны купал над цэнтр.ч. храма. Перад царквой пастаўлена бутава-цагляная 2-ярусная 4-гранная званіца, завершаная шатровым дахам.